СІМФАНІ́ЧНАЯ ПАЭ́МА,
адначасткавы праграмны сімф. твор, які ўвасабляе пэўны сюжэт ці філасофскую ідэю, вызначаныя ў літ. форме (праграме) ці ў назве твора; адзін з асн. жанраў праграмнай музыкі. Узнікла і фарміравалася ў 19 ст. ў непасрэднай сувязі з інш. блізкімі да яе жанрамі — праграмнай уверцюрай, сімфанічнай карцінай, сімфанічнай фантазіяй.
Звычайна С.п. складаецца з некалькіх эпізодаў, характар і паслядоўнасць якіх абумоўлены зместам праграмы, драматургіяй твора і падпарадкаваны эстэт. нормам формаўтварэння ў музыцы (гл. Форма музычная). У ёй свабодна выкарыстоўваюцца класічныя адна- і шматчасткавыя муз. формы, характэрна спалучэнне ў адзінай структуры рыс санатнай формы і санатна-сімф. цыкла, магчымы і нетыповыя структуры, спалучэнні рыс інш муз. жанраў. Лепшыя С.п. створаны Ф Лістам. Да С.п. звярталіся Б.Сметана, К.Сен-Санс, С.Франк, Р.Штраус, Я.Сібеліус, А.Дворжак, Б.Бартак, А.Шонберг, М.Рэгер, А.Рэспігі, М.Балакіраў, П.Чайкоўскі, М.Рымскі-Корсакаў, А.Скрабін, А.Глазуноў і інш.
У бел. музыцы тэматыка С.п. разнастайная: гіст. (В.Іваноў, У.Кандрусевіч), героіка-патрыят. (М.Аладаў, У.Алоўнікаў, У.Дарохін, А.Мдывані, Ф.Пыталеў, Дз.Смольскі, Я.Цікоцкі). У некат. С.п. ўвасоблены філас. ідэі (А.Бандарэнка, Кандрусевіч, Н.Усцінава), сюжэты і вобразы маст. л-ры (С.Аксакаў, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, Ю.Грыгор’еў, А.Клеванец, Л.Шлег і інш.), вобразы гіст. асоб (Аладаў). Значнае месца сярод С.п. займаюць творы, у якіх пераважае карцінна-выяўл. тып праграмнасці (Я.Дзягцярык, А.Залётнеў, А.Чыркун), а таксама святочныя С.п. (Глебаў, Мдывані, Л.Гуцін) і без абвешчанай праграмы (У.Дамарацкі, Дз.Даўгалёў, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, А.Кочын, В.Помазаў, У.Прохараў, А.Сонін, І.Хадоска і інш.). Некат. творы тыпу С.п. маюць інш. вызначэнні, у т. л. сімф. балада, легенда (Глебаў), казка (В.Войцік), эскіз (Я.Паплаўскі) і інш.
Літ.:
Попова Т.В. Симфоническая поэма. 3 изд. М., 1963.
Т.А.Дубкова.
т. 14, с. 389